Пісьменнасць старажытных славян

 Пісьменнасць у нашых продкаў існавала яшчэ да распаўсюджвання кірыліцы. Сістэма запісу старажытных беларусаў уяўляла сабой прымітыўнае піктаграфічнае пісьмо (так званыя «рысы і рэзы»).

 Найстарэйшым паведамленнем аб наяўнасці пісьменнасці ў славян лічыцца "Паданне аб пісьмёнах" чорнарызца Храбра, балгарскага манаха, які жыў на рубяжы IX–X стагоддзяў. Ён пісаў: "Прежде убо славяне не имеху книг, но чертами и резами чьтеху и гатааху погани сущее". На сучаснай мове гэта гучыць так: "Калі славяне былі язычнікамі, то не было ў іх сваіх кніг, бо лічылі і варажылі яны пры дапамозе рыс і рэзаў". Аб славянскіх загадкавых пісьмёнах ёсць паведамленні ў арабскіх аўтараў. Вандроўцы і навукоўцы Х стагоддзя Ібн-Фадлан, і Эль-Масудзі і Ібн ан-Надзім паведамлялі, што русы мелі пісьменнасць, адметную ад лацінкі, якая складалася з 21 або 22 літар, і нават прыводзілі ўзоры такога пісьма.

 Аднак сфера прымянення такога пісьма была абмежаванай: ім абазначаліся родавыя знакі, знакі ўласнасці, каляндарныя знакі і інш. Такія надпісы на каменных плітах знойдзены ў Бярэзінскім (в. Пагост), Бабруйскім (недалёка ад ракі Пціч), Горацкім (в. Пнеўшчына), Зельвенскім (в. Сынкавічы) і іншых раёнах.

 Такая пісьменнасць не была прыстасавана для запісу складаных тэкстаў, таму нашы продкі пачалі пісаць грэцкімі літарамі, не прыстасаваўшы іх да асаблівасцяў славянскай фанетыкі.

 Найбольш старажытным узорам пісьма ўсходніх славян з’яўляецца знойдзеная пад Смаленскам пячатка полацкага князя Ізяслава канца X стагоддзя, на якой змешчаны выява трызубца і надпіс "Изас(лав)ос", які кірылічнымі літарамі перадае грэчаскае гучанне імені "Ізяслаў". У адным з курганоў пад Смаленскам знойдзены яшчэ адзін старажытны помнік пісьменнасці – гаршчок – карчага з надпісам "гараушна", гэта значыць, гарчыца. Уяўленне аб развіцці пісьменнасці дае і пярсцёнак князя Усяслава Чарадзея, на якім зроблены надпіс «К(ня)з(ь) Вс(ес)л(а)в П(о)л(о)ч(с)к(и)».

 Вельмі цікавымі помнікамі пісьменнасці беларускай зямлі з’яўляюцца, так званыя, "Барысавы" камяні, на якіх па загаду полацкага князя Барыса Усяславіча (Князь Барыс – старэйшы сын Усяслава Чарадзея, які кіраваў у Полацку ў XII стагодзі. Гэта ён заснаваў горад Барысаў у самым пачатку XII стагоддзя, разбіў яцвягаў, а праз некалькі гадоў у барацьбе з земгаламі пацярпеў паразу. Памёр ён у 1128 годзе і пахаваны ў Барысаглебскай царкве ў Бельчіцах) высечаныя выява шасціканцовага крыжа і надпіс – зварот да Бога: "Гі помозі рабу своему Борисоу". Першая захаваўшаяся згадка пра іх утрымліваецца ў "Хроніцы літоўскай і жамойцкай", складзенай у XVI стагоддзі. Сярод навукоўцаў няма адзінага меркавання з нагоды камянёў. Па думцы адных, палачане, нават прыняўшы хрысціянства, пакланяліся камяню, і князь загадаў на валуне выбіць крыж – сімвал новай веры. Іншыя звязваюць гэты надпіс з галоднымі гадамі (1127–1128 гады), трэція лічаць камяні помнікамі ваенных дзеянняў Барыса.

 Захаваліся ўсяго чатыры "беларускія" Барысавы камяні, адзін з якіх у 1888 годзе быў вывезены ў Расію і цяпер знаходзіцца ў музеі-запаведніку Каломенскае. У Беларусі засталося іх тры: каля храма св. Сафіі ў Полацку (Віцебская вобл.), Варацішын крыж у в. Камена (Вілейскі раён, Мінская вобл.) і ў г. Друя (Браслаўскі раён, Віцебская вобл.). Дарэчы, апошні з іх доўгі час быў скрыты пад вадой на глыбіні, куды яго сцягнуў вясновы крыгаход яшчэ ў першай палове XX стагоддзя. Толькі ў 2002 годзе яго ўдалося знайсці і выцягнуць на бераг.

 Большасць Барысавых камянёў была знішчана ў перыяд барацьбы з рэлігіяй.

 Тая ж доля спасцігла і, так званы, Рагвалодаў камень з надпісам «Въ 6679 (1171) месяца мая въ 7 день доспенъ крест сей. Господи помози рабу своему Василію въ крещеніи именемъ Рогволоду сыну Борисову" знаходзіўся каля шляху з Оршы на Коханава і стаяў каля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна. Ён быў па-варварску падарваны ў 1930-х гадах, а абломкі – выкарыстаны для будаўніцтва шашы Масква–Мінск.

  На жаль, з-за бязладнасці і абыякавасці людзей амаль усе гэтыя ўнікальныя помнікі пісьменнасці загінулі.

 Сведчаннем развіцця асветы з’яўляецца і старадаўні (канец ХІІ–пачатак ХІІІ ст.) самшытавы грэбень, знойдзены на тэрыторыі старажытнага Брэста, на якім з абодвух бакоў выразаны літары алфавіта ад "А" да "Л". Акрамя таго, у Мсціславе і Віцебску былі знойдзены такія важныя помнікі развіцця пісьменнасці, як берасцяныя граматы. Першая такая грамата знойдзена ў Віцебску.

 Свае памятныя надпісы пакінулі нашчадкам і будаўнікі Полацкага Сафійскага сабора. Тут на вялікім плоскім камяні ў падмурку выдрапаны іх імёны: "Давидъ, Тоума, Микоула", а таксама "Петърь, Воришъ". Звесткі аб розных імёнах, лексіцы даюць надпісы XII ст. на прасліцах, амфарах: "Бабино праслень" (Віцебск), "Ярополче вино" (Пінск), "Настасино праслен" (Пінск). Дакументы сведчаць, што палачане ведалі лацінскую графіку, а гэта значыць, былі знаёмы з замежнымі мовамі, якімі карысталіся гандляры.